73-гадовая актывістка Ніна Багінская: Я – не гераіня, проста маю чалавечую годнасць

Праўда за народам, за намі. 73-гадовая актывістка Ніна Багінская, якая стала ледзь не сімвалам пратэстаў, распавяла сайту palitviazni. info пра тое, чаму не лічыць сябе гераіняй, чаму амаль на месяц патрапіла ў бальніцу і пра сёняшнія пратэстныя акцыі. - Я – не гераіня, проста маю чалавечую годнасць, – кажа суразмоўца. – Сваю папулярнасць, якая абрынулася на мяне апошнім часам, я ўспрымаю досыць спакойна, – кажа Ніна Багінская. – Час такі. Я паўжыцця ўдзельнічаю ў адраджэнні нашай нацыі, а таму не магла заставацца ў баку і пасля так званых выбараў, калі людзям проста плюнулі ў твар. Але не разумею, чаму з мяне робяць нейкую гераіню? Моладзь – вось яны сёння галоўныя дзеючыя асобы і менавіта за імі будучыня! Я ніколі не бачыла, каб столькі маладых людзей было далучана да супраціву!Я ўбачыла свабодных людзей, якіх ужо ніякім чынам і ніякія прапагандысты не зменяць. І гэта радуе. Моладзь не хоча жыць пад крымінальнай уладай, яна хоча быць свабоднай. Я таксама ім дапамагаю і падтрымліваю, наколькі гэта ў маіх сілах.