«Іншага сцяга ў нас няма»

Што гаварылі пра бел-чырвона-белы сцяг Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. 28 жніўня — дзень народзінаў паэта і дыпламата Генадзя Бураўкіна. Гэта лішняя нагода прыгадаць адну гісторыю з жыцця Генадзя Мікалаевіча, калі ён, будучы Надзвычайным і Паўнамоцным паслом, прадстаўляў Беларусь у ААН у Нью-Ёрку, піша «Новы час». Дыпламатычная камандзіроўка за акіян была, па сутнасці, ссылкай для Бураўкіна, які, аказаўшыся ў 1990 годзе ў далечыні ад Радзімы, пісаў і пісаў рапарты аб адстаўцы. Але ўсё было марна — афіцыйны Мінск не прымаў адстаўку. Зрэшты, па словах жонкі паэта Юліі Якаўлеўны, былі ў тым іх заморскім жыцці і радасныя дні — гэта калі Беларусь стала незалежнай, і калі ў верасні 1991 года яе дзяржаўнымі сімваламі былі названыя бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». — Як жа мы ўзрадаваліся тады! — прыгадвае Юлія Якаўлеўна. — Праўда, тут жа ўзнікла нечаканая праблема: трэба было павесіць новы сцяг на флагшток каля нашага прадстаўніцтва, але ніхто не ведаў дакладных прапорцый бел-чырвона-белых колераў — ні нашая дыяспара ў Амерыцы, ні, тым больш, у афіцыйным Мінску.