![]()
Там, дзе ваююць за свабоду і незалежнасьць, пад сьцягі змагароў заўсёды становяцца і прадстаўнікі іншых народаў. Так было і ў час вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў: поплеч з нашымі інсургентамі на беларускай зямлі біліся з расейскімі карнікамі ўкраінцы, палякі, італійцы, вугорцы, французы, расейцы. Калі ў 2014-м пачалася вайна ва Ўкраіне, на бок абаронцаў яе дэмакратычнага шляху і тэрытарыяльнай цэласьці сталі дзясяткі беларусаў-добраахвотнікаў. Адзін зь іх — берасьцеец Алесь Чаркашын. Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ён далучыўся васямнаццацігадовым юнаком. Уступіў у спартова-патрыятычную арганізацыю «Край», а затым — у «Зубр». Алесь вучыўся ва Ўкраіне: з чырвоным дыплёмам скончыў Таўрыйскі хрысьціянскі інстытут у Хэрсоне. Яшчэ ў часе навучаньня ён уступіў у партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і стаў кіраўніком яе берасьцейскай суполкі. 19 сьнежня 2010 году прыехаў на менскую Плошчу, потым быў у родным горадзе арганізатарам «маўклівых пратэстаў».