У Маладзечне выхавальніца зачыніла 3-гадовае дзіця ў прыбіральні, бо яно крычала «Лукашэнку ў аўтазак»

Бацькi абураныя паводзінамі педагогаў. Інцыдэнт адбыўся 25 жніўня ў дзіцячым садку №27 у Маладзечне. Пра гэта nn. by расказала Рада Рогава, маці маленькага Лёшы. Лёша — самае малодшае дзіця ў вялікай сям’і Рогавых. Рада выхавала пяцярых сваіх дзяцей і дваіх прыёмных, мае ордэн Маці. Але яна і ўявіць сабе не магла, што давядзецца адстойваць сваё дзіця перад выхавальніцамі садка — тыя зачынілі яго ў прыбіральні. «25 жніўня муж забіраў Лёшу з садка, патэлефанаваў мне і сказаў, што здарылася надзвычайная сітуацыя. Сын у слязах распавёў пра тое, што ў групе крычаў «Лукашэнку ў аўтазак». За гэта выхавальніца раззлавалася і зачыніла яго ў прыбіральні. Лёша кажа, што прасядзеў там амаль увесь сон», — расказвае Рада. Жанчына расказвае, што сын мог пачуць гэты выраз і па тэлевізары, і на плошчы ў Маладзечне 9 жніўня. «Мы гулялі з дзецьмі ўвечары на плошчы, і я — шчыра вам прызнаюся — падумала, што здымаюць фільм. Пасярод плошчы стаялі людзі на каленях перад АМАПам. Я не адразу зразумела, што гэта можа адбывалася насамрэч.