![]()
Глядзіце, як гэта было. Журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую паранілі гумавай куляй 10 жніўня. У той вечар на вуліцы Кальварыйскай у Мінску, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, зявіліся дзясяткі байцоў — меркавана, «Алмаза» (антытэрарыстычнага спецпадраздзялення МУС). У суседніх дварах якраз знаходзіцца база «Алмаза». Адзін з байцоў спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па Наталлі. Гэта не быў выпадковы інцыдэнт — як відаць на відэа, якое аказалася ў распараджэнні «Нашай Нівы», баец наўмысна страляў па журналістцы. Увага! У канцы відэа дэманструецца адкрытая рана. Ужо больш за два тыдні Наталля застаецца ў Бальніцы хуткай дапамогі. Ёй ужо правялі адну аперацыю, не выключана, што спатрэбіцца і наступная. Невядома, колькі часу яна будзе вымушаная правесці ў бальніцы. Наталля Лубнеўская напісала заяву з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце нанясення ёй цялесных пашкоджанняў. Першы раз сілавікі ўзялі ў яе тлумачэнні 12 жніўня, другі раз — 21 жніўня.