![]()
Беларусы паказваюць, што яны — унікальныя людзі. Усё жыццё я падкрэсліваў важнасць умацавання нязломнага народнага духу, захавання галоўных чыннікаў нацыянальнай еднасці: гісторыі, мовы, традыцый продкаў. З упэўненасцю і радасцю кажу: беларусы перасілілі глыбінны страх, нараджаецца свабодная, жыццяздольная нацыя, якой наканавана светлая будучыня. Пасля галасавання на выбарах у краіне акрэсліўся рашучы кантраст паміж светлым і змрочным, адбыўся тэктанічны маральны зрух, размежаванне дабра і зла. Вулканічныя пачуццёвыя працэсы бушуюць у душах людзей. А візуальным сімвалам мірнага змагання супраць хлусні і рэпрэсій сталі нашы прыгожыя жанчыны ў белым з кветкамі ў руках, насупраць якіх — злавесны чорны АМАП. Я нездарма назваў магутны народны пратэст «рэвалюцыяй лілей». Выбарчая кампанія прынесла павучальныя адкрыцці. Самае важнае з іх тое, што ў дыктатарскай дзяржаве накшталт Беларусі перамагчы дэмакратычным шляхам — метадам галасавання — абсалютна немагчыма. Усё роўна галасы скрадзе кіруючы клан.