![]()
Гарадзенцы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на плошчы. У цэнтры Горадні 23 жніўня каля 15 тысяч пратэстоўцаў выказалі сваю нязгоду з сытуацыяй у краіне. Праз радыё пракуратура папярэджвала пра адказнасьць за ўдзел у недазволеных мерапрыемствах, у цэнтры стаялі аўтазакі з амапаўцамі напагатове, аднак нікога не затрымалі, паведамляе «Радыё Свабода». Тысячы гарадзенцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на Савецкай плошчы. Некалькі чалавек аб’ядналі нацыянальны і дзяржаўны сьцяг на адным тронку. Анархісты да бел-чырвона-белага сьцяга далучылі чорны. Многія падрыхтавалі ўласныя плякаты з надпісамі: «Досыць гвалту», «У нас ёсьць праца, мы прыйшлі сюды бясплатна», «Я табе не дарую», «Спыніце катаваньні». Было відаць рабочых у працоўнай форме, работнікаў «Гродна Азот», шмат сем’яў зь дзецьмі, раварыстаў. Побач з плошчай стаялі аўтазакі, напагатове дзяжурылі амапаўцы ў выкладцы з шаломамі. Міліцыя папярэджвала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, у адказ дэманстранты пляскалі ў ладкі і выгукалі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!», «Свабоду!».