![]()
Улада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэння грамадзянаў. 22 жніўня ўрачыстай святой Імшой на палявым алтары-караблі ў Браславе завяршыўся сёлетні фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў, піша сайт catholic. by. Галоўную адпустовую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На пачатку Эўхарыстыі гасцінны гаспадар біскуп Віцебскі Алег Буткевіч нагадаў, што на працягу аднаго тыдня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўжо ў другі раз моліцца ў Віцебскай дыяцэзіі. У мінулую нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч разам з вернікамі Валкалаты святкаваў 600-годдзе іх парафіі і 150-годдзе з моманту пабудовы цяперашняга касцёла. Біскуп Алег шчыра прывітаў шматлікіх сабраных на святой Імшы вернікаў, а таксама тых, хто духоўна да іх далучыўся дзякуючы адразу дзвюм прамым трансляцыям — на Радыё Марыя і на партале catholic. by. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што хоць сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не было арганізаваных пілігрымак, аднак на ўрачыстасць сабралася вялікая колькасць гасцей з розных куткоў Беларусі.