«Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці»

Доктар-рэаніматоляг распавёў пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў. Доктар-рэаніматоляг Юры Сіраш апавядае, як на месца выбухаў не прапускалі машыны хуткай дапамогі, як АМАП зьбіваў валянтэраў і дабіваў параненых, у якім стане прывозілі людзей з Акрэсьціна. І чаму, на яго думку, ўлада страціла павагу, перадае «Радыё Свабода». Загадчык аддзяленьня рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (для пацыентаў хірургічнага профілю) Менскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Юры Сіраш даў вялікае інтэрвію Свабодзе. «Асноўныя зьвесткі атрымлівалі ад брыгадаў хуткай дапамогі — афіцыйнай інфармацыі не было»— Калі вы пачалі прымаць пацярпелых?— Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным лекарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо міна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі — калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь мае пэўныя памеры, ня зможа ўсіх прыняць.