«20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі»

Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна. Таран аўтамабіля ў Менску, які ўчынілі байцы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Міністэрства ўнутраных справаў увечары 11 жніўня, суправаджаўся абстрэлам з баявой зброі. Тое, што цудам засталіся жывыя, пасажыры малалітражкі ўсьвядомілі толькі тады, калі выйшлі з турмы на Акрэсьціна, перадае «Радыё Свабода». Цяпер доступ да пашкоджанай машыны заблякаваны — яе арыштавалі як рэчавы доказ. Штрафную стаянку ахоўваюць экіпажы ДАІ: адзін звонку, другі — на тэрыторыі. Але Свабодзе ўдалося здабыць відэапацьверджаньне: у пяці месцах на капоце, крылах, дзьвярах відаць кулявыя адтуліны. «Высыпалі „касманаўты“ і пасярод дарогі пачалі страляць»Вечаровы інцыдэнт у раёне мэтро «Каменная Горка» трапіў на відэа зь некалькіх ракурсаў — пагоню зафіксавалі жыхары суседніх дамоў. Аляксей і Аксана Шыпіны, а таксама іхная сяброўка Вольга рухаліся на малалітражцы «міцубісі» вуліцай Лабанка і прытармазілі каля рэстарану KFC. Там стаялі неарганізаваныя пратэстоўцы, яны іх павіталі і зьбіраліся ад’яжджаць.