Баранавічы пад акупацыяй

Жнівень-2020. Апошні раз выбухі гранат і страляніна на вуліцах Баранавіч чуліся ў 1944 годзе. Прайшло 76 год, мы жылі ў «спакойнай і стабільнай краіне», і раптам 9 жніўня жыхары нашага горада зноў пачулі гэтыя гукі. Недавер гараджан (і ўсіх беларусаў) да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў прымусіў людзей сабірацца ў цэнтры горада, каб проста паказаць, што яны не даюць веры тым выкрунтасам, якія адбываліся ў апошнія тыдні. Гэта была мірная акцыя, хаця ўсе ведалі пра шматлікія затрыманні актывістаў і незалежных назіральнікаў напярэдадні выбараў. Але людзей сустрэлі апранутыя ў спецамуніцыю сілавікі са шчытамі. Здаецца, упершыню ў гісторыі горад пабачыў такое. Акрамя гэтага, яшчэ шмат іншых падзей упершыню можна ўнесці ў летапіс Баранавіч. Начныя сутычкі з міліцыяй, жахлівы хапун на вуліцах і неабвешчаная каменданцкая гадзіна ўвечары. Самае жахлівае з усяго гэтага тое, што за нейкіх пару дзён пасля выбараў горад змяніўся, а гараджане пачалі адчуваць сябе як быццам ва ўмовах акупацыі.