Галоўны рэдактар «Прэсбола» ад імя ўсяго выдання звяртаецца да сілавікоў: Спыніце агрэсію!

Зварот. Любое спартыўнае мерапрыемства — гэта свята, якое нават у самыя цёмныя часіны здольнае ратаваць людзей. Ратаваць ад горычы, безвыходнасці, тугі ды смутку. У моманты, калі гульцы зяўляюцца з падтрыбунных памяшканняў ці атлеты ўшчыльную падыходзяць да стартавай лініі, быццам адчыняюцца дзверы ў паралельную рэальнасць. Тую, дзе ўсе, хто знаходзяцца побач, сябры і аднадумцы. Тады як надзея на поспех улюбёнцаў натхняе верай і спадзяваннем, ад якіх матылькі віруюць у душы. Спартыўны журналіст — быццам той апостал Петра, што валодае ключамі ад сакральнай брамы. І кожны раз, калі душы заўзятараў прагнуць патрапіць у свет дабрыні і святла, адмыкае дзверы. Праз голас у падкасце, літары ў тэксце ці фота ў інтэрнэт-артыкуле ён накіроўваецца разам з натоўпам у чароўны свет. І звяртае ўвагу ўсіх вандроўнікаў на асаблівасці наваколля на працягу чароўнага маршруту. Аднак сёння ва ўсіх нас перахапіла голас. Знікла жаданне варушыць пальцамі па клавіятуры. Зацягнула вочы заслонай слёз ад немачы і бяссілля так, што не бачна манітораў нават памерам з LED-панэль.