Як каталонская песня «Муры» стала гімнам беларускага пратэсту

Прароцтва, якое само сябе ажыццяўляе. «Разбуры турмы муры» ці «Давай разрушим эту тюрьму» — чуем мы цяпер рэгулярна падчас мітынгаў у беларускіх гарадах. Многія падхопліваюць словы або саму мелодыю без слоў, але ж не ўсе ведаюць гісторыю гэтай песні, піша Стась Раманчук на gazeta. arche. by. Варта высветліць яе падрабязней. Калі мы гаворым пра тэкст Андрэя Хадановіча «Муры», дык гэта пераклад польскай песні Яцка Качмарскага. Аднак твор польскага барда — гэта не зусім першакрыніца, але і не кавер ці пераклад. Спачатку была каталонская песня L’Estaca («Слуп»), напісаная ў 1968-ым, у часы дыктатуры Франка, 20-гадовым Льюісам Льякам. Слова «l’estaca» сугучна ў каталанскай мове са словам «дзяржава», і балада расказвае гісторыю старога Сізэта, які натхняе маладога хлопца на змаганне з гэтым «слупом» несвабоды. Песня гучыць у музычным памеры 6/8 і мае своеасаблівыя мясцовыя матывы ў гучанні. Праз дзесяць год, у 1978-ым, малады паляк Яцак Качмарскі напісаў сваю песню, «Mury». Уразіўшыся каталонскім арыгіналам, ён стварыў свой сюжэт.