Прыкарытнікі

Абуджаныя народныя масы не спыняцца, пакуль не дасягнуць справядлівай мэты. Да трагізму палітычнай сітуацыі ў Беларусі вядзе не толькі сам узурпатар улады, але і армія яго служак-прыкарытнікаў. Якраз яны пішуць фальшывыя пратаколы камісій, пастановы судоў, пазбаўляюць смелых грамадзян месца працы, вучобы і сродкаў для існавання, кідаюць за краты ні ў чым не вінаватых людзей. Ніколі я не сцвярджаю, што чыноўнікі — гэта пагалоўна парушальнікі законнасці, карупцыянеры, злодзеі, амаральныя тыпы. Сярод іх есць людзі, якія ідуць на службу з жаданнем не толькі зрабіць кар’еру, прынесці карысць уласнай сям’і, але і добрасумленна папрацаваць для Айчыны і народа. Аднак аўтарытарная сістэма бязлітасна перамолвае дзяржаўных служачых на свой капыл, выбракоўвае непатрэбных. Застаюцца падхалімы і прыкарытнікі. Падзеі паказалі, што нізы не хочуць жыць па-старому, а вярхі не могуць кіраваць па-новаму. Выйсце з цяжкага стану без праліцця крыві — гэта правядзенне сумленных прэзідэнцкіх выбараў, выкананне волі народа, якому абрыдла прымітыўная «жалезабетонная дыктатура», які жадае жыць і працаваць свабодна, творча, дэмакратычна.