«Само» не прыйдзе, так не бывае

Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. Калі задумацца – колькі шкоды прынесьлі размовы, што гучалі ад пачатку 90-х пра «заканамернасьць гістарычных працэсаў» , пра «непазьбежнасьць перамогі дэмакратыі», «безальтэрнатыўнасьць лібералізму» і да таго падобнае. А яшчэ памятаеце, модна было нібыта афарыстычна казаць «шчасьлівая тая краіна, жыхары якой ня ведаюць, хто ў іх прэм’ер-міністар». Гэтакае праслаўленьне маленькага абывацельскага апалітычнага шчасьця, якога на самой справе няма і ў заможным «там», дзе людзі маюць даволі вялікую палітычную адукаванасьць і актыўнасьць, і тым больш ня можа быць «тут», у транзітных краінах. Тое ж самае з беларускай мовай, якая «абавязкова адродзіцца» – неяк сама, у нейкай сьветлай будучыні, адразу пасьля поўнай перамогі дэмакратыі і прыходу эканамічнага працьвітаньня. А пакуль — «я пішу па-расейску, каб як мага больш людзей мяне зразумелі». І так 25 гадоў. І людзей, якія разумеюць па-беларуску, усё менш. Але ўсё роўна, «мы зоймемся мовай пасьля перамогі дэмакратыі».