![]()
Да чаго вядзе такі футбол? Калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, нехта з беларускіх футбалістаў, магчыма, адчуе сябе блага. У яго падвысіцца тэмпература, ён звернецца да медыкаў свайго клубу, а тыя… Толькі развядуць рукі, дый адправяць хлопца ў вымушаную самаізаляцыю, папярэдне выпісаўшы яму квіток на важную працэдуру. Справа вядомая — тэст на «карону». Каб чаго не выйшла — «кавіду» ці пнеўманіі. І каб чэмпіянат Беларусі — самы адчайны ў свеце — працягваўся надалей. На радасць простых заўзятараў і вышэйстаячых інстанцый. І на злосць пандэміі, якую ў нашых юдолях бачылі ў труне ў белых тапках ды ўвогуле ўжо даўно перамаглі. Але ж каронавірус не пытае дазволу на распаўсюд. І ў той час, калі статыстыка захворванняў у краіне імкліва паляпшаецца, у беларускім футболе сітуацыя застаецца складанай і непрадказальнай. Пра рашучую перамогу над зламысным вірусам Лукашэнка ў чарговы раз абвясціў 2 ліпеня. На наступны дзень брэсцкае «Дынама» выйшла гуляць супраць «Смалявічаў», і выявілася, што ў складзе чэмпіёна краіны не хапае цэлай групы вядучых футбалістаў — Сяргея Ігнатовіча, Дзяніса Лапцева, Аляксандра Наёка, Яўгена Хачэрыдзі, Рамана Юзэпчука, Усевалада Садоўскага.