Ксёндз Вячаслаў Барок: Надыходзіць вельмі цікавы час, важна не губляць надзеі

Праз фальсіфікацыю чалавек пасягае на тое, на што нават Бог не пасягае. Мы шмат гаворым пра любоў і высокія ідэалы. Аднак, мы, хрысціяне, пакліканыя не гаварыць пра любоў, але любіць, піша ксёндз Вячаслаў Барок для krynica. info. Нашае памкненне браць на сябе адказнасць за жыццё асабістае і жыццё усяго грамадства, старанне зрабіць гэты свет лепшым ёсць ні чым іншым, як спроба выказаць сваю любоў не словамі, але ўчынкамі. Вядома, любві без учынкаў не бывае. Палітычная дзейнасць, трактаваная як клопат пра супольнае дабро, ёсць выкананнем прыказання любві ў адносінах да ўсіх. Таму Інстытут Навучання Касцёла кажа пра служэнне палітыцы і заахвочвае свецкіх вернікаў да палітычнай дзейнасці, якую разглядае ў катэгорыі выканання хрысціянскага абавязку. (пар. КСВК 565). А, калі палітычная дзейнасць – абавязак, то і ўдзел у выбарах для хрысціяніна таксама абавязак. Можна гэта рабіць на розны спосаб: і байкот можа быць удзелам, хоць згодна з заканадаўствам нашай краіны гэта ёсць нібыта правапарушэннем.