Уладзімір Някляеў: Калі выйдзем усім народам змагацца за Беларусь, мы прачнемся ў новай краіне

Беларускі паэт распавёў, як творчасць абуджае ў беларусах голас грамадзяніна. Ці напраўду вяршыня свабоды ў Беларусі – стаць кандыдатам у прэзідэнты? Пра тое, як творчасць абуджае ў беларусах голас грамадзяніна насуперак рэпрэсіям, распавядае сённяшні паэт Уладзімір Някляеў, перадае «Радыё Рацыя». 9 ліпеня паэт і кандыдат у прэзідэнты Беларусі 2010 года Уладзімір Някляеў адсвяткаваў свой дзень народзінаў. Як жа прайшоў гэты дзень ва ўмовах каронавірусу ў Беларусі? Нічога асаблівага. Цяжкавата дыстанцыю вытрымліваць, але ёсць сябры, якія дапамагаюць не толькі працаваць і жыць, але і святкаваць, нягледзячы на вялікія страты сяброўскія пасля 2010 года. Там, дзе ёсць сябры, там і свята. Я прыехаў са Швецыі, сам добраахвотна самаізаляваўся. У самаізаляцыі пражыў даволі доўгі час. У мяне жыццё вымагае не баяцца смерці. З тымі людзі, пра якіх я ведаю, што гэта людзі адказныя, што яны пры нейкіх сумневах ні з кім не пойдуць на кантакт, я “закантачыў”, яны сталі прыходзіць да мяне, я стаў прыходзіць да іх.