«Свабоды вам і вашай Бацькаўшчыне»: Украінцы пішуць лісты беларускім палітвязьням

У цэнтры Кіева беларускія і ўкраінскія актывісты зладзілі пікет. У цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці, беларускія і ўкраінскія актывісты зладзілі пікет «Напішы ліст беларускім палітвязьням», перадае «Радыё Свабода». «Мы заклікаем украінцаў падтрымаць зьняволеных у Беларусі — Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, усяго больш як 20 затрыманых. Украінцы могуць выказаць салідарнасьць ня толькі з тымі, каго затрымалі ў часе сёлетняй выбарчай кампаніі, але і з тымі, каго палітычна перасьледуюць, як, напрыклад, з Тарасам Аватаравым, які змагаўся добраахвотнікам за Ўкраіну і цяпер адбывае пакараньне, Сьвятаславам Барановічам, якога праваабаронцы яшчэ не прызналі палітвязьнем», — сказаў прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Алег Аўчыньнікаў. Паводле яго, усе гэтыя лісты перададуць у Беларусь, а ўжо там перашлюць зьняволеным у месцы іх знаходжаньня: «Мы будзем намагацца зрабіць усё, каб лісты дайшлі да адрасатаў». Украінцаў прасілі пісаць лісты па-расейску, баючыся, што ўкраінамоўныя лісты зьняволеным не перададуць.