Вольга Мікалайчык расказала пра катаванні ў турме на Акрэсьціна

Супраць кіраўніцтва турмы можа быць узбуджана крымінальная справа. 7 ліпеня рэжысэрка і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык выйшла на волю пасьля месяца арышту, які атрымала за ўдзел у выбарчых пікетах 30 траўня і 7 чэрвеня. З 30 сутак арышту 22 дні актывістка прабыла ў карцары, астатнія ў агульнай камэры. Вольга Мікалайчык расказала «Радыё Свабода» пра карцар, вошай і стаўленьне да палітычных арыштантаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ў Ізалятары часовага ўтрыманьня (абедзьве ўстановы знаходзяцца побач у завулку Акрэсьціна ў Менску). Такое ўжо даводзілася чуць ад іншых актывістаў, якія пабывалі на Акрэсьціна ў чэрвені — што іх зьмяшчалі ў карцар бяз нават фармальнай прычыны. Гісторыя Вольгі Мікалайчык — яшчэ адзін прыклад. «Карцар лічыцца пакараньнем за нейкія парушэньні ўнутранага рэжыму, але за што мяне туды кінулі, шчыра кажу, дагэтуль ня ведаю. Як прывезьлі з суду і перавялі з ІЧУ ў ЦІП, дык зьмясьцілі ў пустую камэру. Але толькі я там прыбралася, навяла парадак, як выводзяць і саджаюць у карцар.