Рада БНР патрабуе расьсьледаваць зьнікненьне Завадзкага і іншых апанентаў Лукашэнкі

Рада БНР выступіла з заявай. У 20-ю гадавіну гвалтоўнага зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага Рада БНР выступіла з заявай, у якой заклікала да празрыстага і публічнага расьсьледаваньня гвалтоўных зьнікненьняў. У заяве, якая апублікаваная на старонцы Рады БНР у «Фэйсбуку», гаворыцца, што «ўлады Беларусі не правялі адкрытага расьсьледаваньня зьнікненьня і сьмерці беларускіх палітыкаў, якія застаюцца аднымі з найбольш рэзанансных злачынстваў у гісторыі постсавецкай Беларусі. Адсутнасьць пераканаўчых публічных вынікаў расьсьледаваньня можа сьведчыць пра незацікаўленасьць афіцыйных уладаў у тым, каб грамадзтва даведалася праўду». Рада Беларускай Народнай Рэспублікі запатрабавала «неадкладнага празрыстага публічнага расьсьледаваньня зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага, а таксама абставінаў сьмерці Генадзя Карпенкі, журналіста Анатоля Майсені, журналіста Алега Бябеніна і іншых вядомых падобных выпадкаў». Прыгадваючы рэзанансныя палітычныя забойствы, Рада БНР «заклікае сумленных і верных прафэсійным стандартам супрацоўнікаў сьледчых органаў Рэспублікі Беларусь весьці падрыхтоўку да правядзеньня сьледзтва па гэтых справах, незалежна ад цяперашніх распараджэньняў кіраўніцтва».