Экс-прэзыдэнт Вайра Віке-Фрэйбэрга: Латвія ня сябар лукашэнкаўскага рэжыму

Былы кіраўнік Латвіі лічыць, што Беларусь зацягнула з рэформамі. Большую частку жыцьця Вайра Віке-Фрэйбэрга пражыла ў Канадзе. Напрыканцы 1990-х яна вярнулася на радзіму, каб стаць прэзыдэнткаю Латвіі. Менавіта Віке-Фрэйбэрга ўвяла краіну ў Эўразьвяз і NATO. У інтэрвію «Радыё Свабода» яна расказала, чаму за 8 год ані разу не запрасіла ў Рыгу Лукашэнку, за што ўдзячная эўраінтэграцыі і чаму не перажывае, што яе краіна страціла савецкую прамысловасьць. «Запрашаць яго ў Рыгу не было маім прыярытэтам»— Днямі Лукашэнка заявіў, што спадзяецца прыехаць у Рыгу зь візытам, нягледзячы на каранавірус і выбарчую кампанію. Ці вядома вам нешта пра гэты візыт?— Пра пляны такога візыту ў блізкай будучыні я ня чула. Ведаю, што ён плянаваўся ўвесну. Пра гэта сапраўды гаварылася. Але цяпер, праз пандэмію каранавірусу, гэта наўрад ці магчыма, бо абмежаваньні зьнятыя толькі часткова. Звычайна, калі я была прэзыдэнткаю, мы пазьбягалі любых дзяржаўных візытаў з краінаў, дзе меліся адбыцца прэзыдэнцкія выбары.