«Марым жыць у шчасьлiвай краiне»: сьпявачка LEAR прэзэнтавала новы трэк

Трэк пра тое, што баліць цяпер ва ўсіх нас. Сьпявачка LEAR, яна ж Валерыя Суравіцкая, прэзэнтавала новы трэк «На стомленых крылах», паведамляе «Радыё Свабода». Ідэя зьявілася дзякуючы конкурсу ад «Годна», расказвае Лера. Паэт Віталь Рыжкоў прапанаваў паўдзельнічаць і даслаў некалькі радкоў тэксту. Калі Лера пачала падбіраць пад іх музыку, выявілася, што даўно напісаны прыпеў ідэальна падыходзіць тэматыкай да будучага твора. Песьню разам зь Віталём і музыкам Уладзем Лепяшынскім напісалі вельмі хутка, літаральна за 15-20 хвілін, кажа Лера. «Здаецца, усе нашыя эмоцыі наконт таго, што адбываецца ў краіне, сутыкнуліся і ператварыліся ў прыгожы трэк пра тое, што баліць цяпер ва ўсіх. Не хацелася рабіць песьню, якая тэкстам б’е ў лоб. Таму атрымалася вельмі мэтафарычна, і ўспрымаць гэты трэк можна па-рознаму», — тлумачыць выканаўца. Ад сытуацыі, якая цяпер адбываецца, мэганэгатыўныя эмоцыі, гэта боль і злосьць, але адначасова надзея і натхненьне, кажа яна. «Песень на падобную тэматыку пакуль не пляную, бо мне складана даюцца такія трэкі, ды і проста не хачу, каб мая творчасьць цалкам патанула ў палітыцы».