Барыс Хамайда: Нам патрэбна беларуская Плошча!

Беларусаў павінна аб’яднаць барацьба за дзяржаўны суверэнітэт i нацыянальная iдэя. Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер, юрыст Барыс Хамайда лічыць, што ў Беларусі варта запачаткаваць народны рух за аднаўленне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Ён лічыць яе дзеянне гвалтоўна прыпыненым, і не прызнае сучаснага заканадаўства, паведамляе Радыё Рацыя. Што да прапановы кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі правесці рэферэндум, каб аднавіць Канстытуцыю 1994 года, то спадар Хамайда падзяляе гэтую ідэю не ў поўнай меры:-Тое, што згадалі тую Канстытуцыю, — вельмі станоўча. Але ніякіх рэферэндумаў не патрэбна. Канстытуцыя 1994 года павінна быць адноўлена аўтаматычна, а не пры ўмове, што Бабарыка стане прэзідэнтам і потым правядзе рэферэндум. Хто б ні стаў прэзідэнтам, я лічу, ён не будзе легітымным, бо ў нас зараз няма легітымнай Канстытуцыі. На думку Барыса Хамайды, беларусаў павінна аб’яднаць барацьба за дзяржаўны суверэнітэт, замацаваны юрыдычна ў Канстытуцыі 1994 года.