Баранавіцкія патрыёты адзначылі гадавіну перамогі Рэчы Паспалітай над Масквой

З Палонкаўскай бітвы пачаўся пералом у 13-гадовай вайне. Баранавіцкія актывісты адзначылі 360-ую гадавіну перамогі Рэчы Паспалітай над Маскоўскай дзяржавай пад Палонкай, перадае «Радыё Рацыя». З Палонкаўскай бітвы пачаўся фактычна пералом у цяжкай для Рэчы Паспалітай 13-гадовай вайне. Ушанаванне нашых продкаў-ваяроў стала даўняй традыцыяй у баранавіцкіх актывістаў-патрыётаў, кажа арганізатар паездкі Уладзімір Гундар:– Вось з гэтай палонкаўскай перамогі фактычна пачаўся пералом па ўсёй вайне. Пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага ад маскоўскага захопніка. Актывісты прыбралі тэрыторыю ля помніка, усклалі кветкі, паставілі прыгожы кошык са стужкамі колеру польскага сцяга і нашага нацыянальнага вялікалітоўскага, бел-чырвона-белага, запалілі знічы, памаліліся, паспявалі песні і пачыталі вершы. Святочны настрой быў крыху сапсаваны старшынёй Палонкаўскага сельвыканкама, якая пад’ехала на правах гаспадыні да святкуючых і грозна дапытала, хто такія, ці ёсць у іх дазвол на мерапрыемства і прыгразіла выклікаць міліцыю.