![]()
На нахабства рэжыму зрэагавалі нават нябесныя сілы. Стыхійныя пратэсты тысяч сумленных грамадзян Беларусі супраць аўтарытарызму набылі такі накал, што не проста вывелі з раўнавагі, але і моцна напалохалі кіруючы клан. Але пасля перыяду пэўнай разгубленасці, ліхаманкавага абмеркавання сітуацыі ён пайшоў у контратаку, не выбіраючы ні метадаў і спосабаў, ні сіл і сродкаў. Усплылі і пушчаны ў ход старыя, выпрабаваныя гадамі «спяцы» па барацьбе з дэмакратыяй. Застрашваючы насельніцтва, правіцель паказальна праводзіць нараду за нарадай з сілавікамі, з усімі, хто мае дачыненне да забеспячэння ўтрымання на троне. Пастаўлена задача: збіць накал гневу, пратэстную энергію людзей і сарваць канкурэнтнае галасаванне на выбарах. У першую чаргу, жорсткім падаўленнем займаецца сам узурпатар улады як найбольш зацікаўленая асоба. Гэтым тлумачацца грубыя пагрозы насельніцтву, арышт В. Бабарыкі, яго сына і іншых грамадзян. Правіцель не выбірае выразаў у характарыстыках рэальнаму прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта і ўсім апанентам унутры краіны і за яе межамі.