Брытанскі фонд зьбіраецца выкупіць слонімскую сынагогу XVII стагодзьдзя

Слонімская вялікая сынагога — адзін з самых важных аб’ектаў габрэйскай спадчыны ў Беларусі. Брытанскі фонд габрэйскай спадчыны паспрабуе выкупіць слонімскую сынагогу 1642 году на аўкцыёне. Падчас першага аўкцыёну, які праходзіў у Горадні 15 чэрвеня, ахвотных купіць гэты гістарычны будынак не было. Першапачаткова сынагогу ацанілі ў 137 тысячаў рублёў. «Так, мы хочам купіць сынагогу», — сказаў «Свабодзе» адзін з удзельнікаў праекту аднаўленьня сынагогі Сайман Каплінскі. Брытанскі фонд заявіў пра свой інтарэс да сынагогі ў 2017 годзе, калі яна трапіла ў сьпіс чатырох найбольш важных для аднаўленьня сынагог Эўропы. Аднаўляць сынагогу пачалі ў 2018 годзе. Фонд габрэйскай спадчыны прафінансаваў абсьледаваньне будынка, рамонт даху, устаноўку абсталяваньня, якое адсочвае зрухі канструктыўных элемэнтаў. Цяпер брытанцы хочуць выкупіць сынагогу. «Мы чакаем, што сынагога зноў будзе выстаўленая на аўкцыён сёлета, — гаворыцца ў прэс-рэлізе фонду. — Мы ўпэўненыя, што Фонд зможа прапанаваць пераканаўчае бачаньне яе аднаўленьня».