Беларуская гісторыя вершыцца тут і сёння

Нас можа выратаваць толькі ўсенародная еднасць. У апошнія дні, калі ўключаю тэлевізар, то не пакідае ўражанне, быццам на экране мітусіцца агрэсіўная цётка з Камароўкі, нечым пакрыўджаная на ўвесь свет, якая ўсюды бачыць ворагаў, пагражае ім зямнымі і нябеснымі карамі. Для мяне ў прымітыўным абрыдлым спектаклі сенсацыі няма. Лёс сям’і склаўся так, што я яшчэ з 9-га класа сярэдняй школы быў укручаны ў вір палітычных падзей, бо разам з бацькам удзельнічаў у высвятленні абставін незаконнага арышту і знішчэння ў сталінскім ГУЛАГу дзядзькі, маладога паэта Сяргея Ракіты (Сяргея Васільевіча Законнікава). З таго часу мае пошукі не спыняюцца, бо многае яшчэ дасюль засакрэчана. Яны звялі мяне з сотнямі самых розных людзей, многаму ў жыцці навучылі. У канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я ўважліва назіраў за развіццём палітычных працэсаў і ў меру ўласных ведаў, сіл і магчымасцяў удзельнічаў у іх. Пасаду галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя» выкарыстоўваў для актыўнага і якаснага асветніцтва людзей, якія знаходзіліся ў палоне савецкіх хлуслівых міфаў і замшэлых догмаў.