![]()
Рэжым робіць пракол за праколам. Заўжды, калі ідзе выбарчая кампанія, улада выцягвае для барацьбы з канкурэнтамі старыя прыёмчыкі: правакацыі, хлуслівыя абвінавачванні, а затым і пасадкі ў ізалятар. Калі б з такім імпэтам службоўцы шчыравалі на эканоміку, то дабрабыт у Беларусі падскочыў бы да касмічных вышыняў. Вопыт паказвае, што гэтак званыя «рэзанансныя справы», пашытыя белымі ніткамі, пасля распадаюцца і сыходзяць у нябыт. Але запланаванае ўладай дасягнута, аўтакрат зноў сядзіць на троне, а для пратэстуючага насельніцтва цягнік пайшоў, і яму ўслед можна толькі памахаць белай хустачкай. Адразу, каб не было абвінавачванняў у галаслоўнасці, напамінаю, што такія выпадкі зафіксіраваны ў судовых дакументах, прэсе і інтэрнэце. Не мая місія выцягваць «велізарную гаспадарку», назапашаную за 26 гадоў панавання аўтарытарнага рэжыму, і пералічваць у сваім публіцыстычным роздуме. Гэта могуць зрабіць лепш спецыялісты-юрысты. Проста трэба канстатаваць, што безгаспадарчасць, карупцыя, выбарчыя правакацыі і фальсіфікацыі ўлады настолькі надакучылі насельніцтву, што яно не вытрымала.