Ад каранавірусу памёр 39-гадовы валанцёр ПЭН-цэнтра

Сямі з двума дзецьмі збіраюць дапамогу. 39-гадовы мінчук Сяргей Кулак памёр 6 чэрвеня ў бальніцы. Сям’я і сябры мужчыны мяркуюць, што «карону» ён падхапіў у медыцынскай установе, піша “Наша ніва”. «Ён змагаўся з рассеяным склерозам, упарта дамагаўся ўдзелу ў эксперыментальных праграмах лячэння, разумеў, што здаровым ужо не стане, але вельмі хацеў хаця б дамагчыся рэмісіі і яшчэ крыху пажыць. Пажыць — азначала для яго магчымасць працаваць, каб забяспечыць дзвюх маленькіх дачок жытлом: выплаціць крэдыт за аднапакаёвую кватэру, якую набылі ў крэдыт некалькі месяцаў таму і ў якой жылі ўчатырох. Наймалодшай Лізе — 1,5, Насці — 5, жонка ў дэкрэце», — распавяла Таццяна Нядбай, першая намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтра і блізкая знаёмая Сяргея. Нядбай кажа, што Сяргей Кулак нярэдка дапамагаў ПЭНу, калі ўзнікалі праблемы з камп’ютарамі. «У пачатку мая яму стала кепска. Сяргей дыстанцыйна кансультаваўся з дактарамі, паехаць у бальніцу не мог — дактары самі казалі, што ён, найхутчэй, стане кантактам першага ўзроўню, а ў сітуацыі Сяргея гэта было небяспечна, — тлумачыць Таццяна Нядбай.