![]()
Заявы афіцыйных асобаў і рэальная сытуацыя моцна адрозніваюцца. Некалькі тыдняў таму мяне выпісалі зь лякарні на «амбуляторнае лячэньне COVID-19». І гэта аказалася яшчэ адной гісторыяй у стылі «чаканьне — рэальнасьць» — гісторыяй, поўнай маіх расчараваньняў і абыякавасьці з боку мэдыкаў, піша Наста Захарэвіч для «Радыё Свабода». Ня тое каб я надта верыла расповедам афіцыйных асобаў пра тое, як добра ў нас клапоцяцца пра пацыентак і пацыентаў на амбуляторным узроўні. За апошнія месяцы я на сваёй скуры неаднаразова адчула, як адрозьніваюцца іх заявы і рэальная сытуацыя. Калі я ляжала ў скурна-вэнэралягічным дыспансэры як кантакт другога ўзроўню і нам выдавалі ў найлепшым выпадку тры маскі на суткі, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан казала, што ў гэтым шпіталі ляжаць тыя, у каго дакладна няма каранавірусу. Таму, маўляў, сродкі індывідуальнай абароны там не патрэбныя ўвогуле. Калі лякарню хуткай дапамогі афіцыйна лічылі чыстай ад каранавірусу, з кардыялягічнага аддзяленьня рэгулярна вывозілі людзей з пацьверджаным COVID-19.