Ксёндз з Ашмянаў, які ігнараваў каранавірус, знаходзіцца больш за два тыдні на ШВЛ

Пасля яго шпіталізацыі касцёлы ў ашмянскім дэканаце зачынілі на каранцін. Пробашч касцёла ў Ашмянах Ян Пузына трапіў у шпіталь з каранавірусам месяц таму. Ужо два тыдні ён знаходзіцца ў цяжкім стане. Раней ён параноўваў каранавірус са звычайным грыпам, піша “Наша ніва”. «Ужо больш за два тыдні ксёндз Ян Пузына знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), уведзены ў штучную кому. Лекары кажуць, што стан яго здароўя стабільна цяжкі», — расказаў прэс-сакратар Гродзенскай курыі ксёндз Юрый Марціновіч. Пасля шпіталізацыі ксяндза Пузыны касцёлы ў ашмянскім дэканаце былі зачыненыя на каранцін: не праводзіліся публічныя імшы і іншыя набажэнствы з удзелам вернікаў. Касцёлы былі адкрытыя для тых, хто хоча індывідуальна памаліцца. Цяпер яны зноў адчыненыя для ўсіх, службы праходзяць у звычайным рэжыме. «Святары і вернікі, якія наведваюць святыні, прытрымліваюцца ўсіх рэкамендацый біскупа гродзенскага, а таксама мясцовых уладаў і службы аховы здароўя», — расказаў ксёндз Юрый Марціновіч.