«Тое, што я пабачыў, — гэта мірнае, але рашучае жаданне перамен»

Жыхары беларускай правінцыі ўзялі пашпарты і сотнямі пайшлі падпісвацца супраць Лукашэнкi. 1 чэрвеня ў Глыбокім праходзіў пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Я накіраваўся ў Глыбокае, каб паглядзець і паспрабаваць зразумець, што адбываецца. Чаму асцярожныя і нешматслоўныя жыхары беларускай правінцыі ўзялі пашпарты і сотнямі пайшлі падпісвацца за тое, каб прэзідэнтам быў не Лукашэнка?Чарга ахвотных паставіць подпісы расцягнулася ўпоперак Цэнтральнай плошчы — самага сэрца Глыбокага, дзе з XVI стагоддзя быў рынак, цэнтр грамадскага і гаспадарчага жыцця Глыбокага і ваколіц. Цяпер тут — роўная, выкладзеная пліткай і… звычайна малалюдная плошча. На адным баку плошчы стаіць сяміпавярховы будынак райвыканкама, які глыбачане называюць Белым Домам, з другога адкрываецца прыгожы від на возера Кагальнае, адно з пяці азёраў у горадзе. Плошчу перасякаў ланцужок людзей. У чарзе да пікета я налічыў дваццаць дзевяць чалавек. Каля дванаццатай гадзіны найбольш было мужчын перадпенсійнага веку, простых рабочых.