Як актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч) перажыў каранавірус

Актор расказаў пра свой «суб’ектыўны вопыт» ад перажытай інфэкцыі. Актор менскага драматычнага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч, той самы Маляваныч з «Калыханкі», перахварэў на COVID-19. Сёньня ўпершыню пасьля шпіталя і ізаляцыі выехаў на лецішча, каб пакасіць, спраўдзіць, як квітнее сад і як узышла цыбуля. У размове з карэспандэнтам «Радыё Свабода» Аляксандар Ждановіч расказаў пра свой «суб’ектыўны вопыт» ад перажытай інфэкцыі. «Усе пайшлі на стадыён»Аляксандар дзякуе за малітвы і падтрымку мноству людзей. Тэлефанавалі і манастырскія сябры (Аляксандар — прыхаджанін Сьвята-Елісавецінскага манастыра), і тэатральныя, і бацькі дзяцей з псыханэўралягічнага інтэрнату і тэатральнай студыі пры манастыры, зь якімі ён працуе ў тэатры «Радасьць», і знаёмыя па «Калыханцы». «Гэта таксама падтрымлівала, хоць іншы раз стамляла і даводзілася адключаць тэлефон. Калі мне пісалі: „Аляксандар, як справы?“, я ім адказваў: „Нікога няма, усе пайшлі на стадыён“. Такая паўза — што значыць? Я пісаў, што трэніруемся побач на стадыёне „Дынама“ (3-я бальніца, дзе лекаваўся Аляксандар, стаіць каля стадыёна), стварылі футбольную каманду „Вірус“, праўда, крыху не шанцуе, трацім прытомнасьць, чапляемся кропельніцамі.