У Мінску памёр дзеяч талышскага нацыянальнага руху Кахін Мірзалізадэ

Кахіну Мірзалізадэ было 52 гады. Яго шпіталізавалі з пнеўманіяй. Рабілі два тэсты на каранавірус, абодва былі адмоўнымі. Прычынай смерці Кахіна Мірзалізадэ запісалі сардэчную недастатковасць, распавялі «Нашай Ніве» яго сваякі. Мірзалізадэ доўгія гады жыў у Беларусі. Ён вучыўся у Брэсцкім палітэху, пасля перавёўся ў сталіцу, у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У Мінску і застаўся. Мірзалізадэ займаўся будаўнічым бізнэсам, валодаў кампаніяй «Сімург» і аднайменным міні-футбольным клубам. Ураджэнец Азербайджана Кахін Мірзалізадэ (Абілаў) — талыш па нацыянальнасці. Усё жыццё займаўся абаронай свайго малога народа, вывучэннем яго культуры, выступаў як мецэнат. Абілаў быў заснавальнікам і кіраўніком Міжнароднага фонду адраджэння талышской культуры, заснавальнікам Талышскай нацыянальнай акадэміі — аб’яднання вучоных, якія вывучалі талышскую гісторыю, этнаграфію, культуру. Талышы — невялікі народ, што жыве на поўдні Азербайджана і поўначы Ірана і гаворыць на мове індаеўрапейскай групы.