Пра маразм у медыцыне

Статыстыку па COVID-19 даць нармальную смеласці ў чыноўнікаў не хапае, а як забараніць штосьці медыкам – дык гэта, калі ласка. Як той казаў, маразм мацнеў. Падчас пандэміі неабыякавыя беларусы кінуліся дапамагаць медыкам. У прынцыпе, як і ў іншых краінах. Не застаўся ў баку і бізнес. Яно і зразумела. Ва ўмовах, калі лякарні перапоўненыя, медыкам даводзіцца працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Аднак беларуская сістэма зрабіла гэтыя ўмовы найцяжэйшымі. Вось напрыклад, была цудоўная ініцыятыва «МакДональдса». Яны абсалютна бясплатна прадастаўлялі медыкам бясплатныя абедзенныя наборы. Было вельмі добра і зручна. Як гаварылі самі медыкі, калі цягам шасці гадзін развазіць у супрацьчумных касцюмах хворых на COVID-19, то заехаць на станцыю не паспяваеш і таму было выдатна заехаць і перакусіць. І ў прынцыпе, заслужылі. Аднак галоўны лекар станцыі хуткай дапамогі ў Менску забараніў супрацоўнікам хуткай заезд у «МакДональдс». Усе перасоўванні хуткай фіксуюцца праз GPS-трэкер. Больш за тое, заезд па бясплатныя абедзенныя комплексы будуць расцэньвацца як хабар і выкарыстанне аўто ў асабістых мэтах.