![]()
Мэмарандум Рады БНР кіраўнікам ЗША, Брытаніі, Францыі. 22 траўня 1960 беларуская газэта “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў ЗША, апублікавала мэмарандум Рады БНР кіраўнікам ЗША, Брытаніі, Францыі, піша сайт radabnr. org. Рада БНР, а таксама Ліга вызваленьня народаў СССР, старшынём якой быў Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык, накіравалі свае мэмарандумы лідарам вялікіх заходніх дэмакратый напярэдадні іхнага сумеснага саміта з кіраўніцтвам СССР. Саміт адбываўся ў Парыжы і павінен быў служыць інструмэнтам для пошуку базы для ўзаемапаразуменьня ва ўмовах Халоднай вайны. Насуперак гэтаму, саміт працягнуўся толькі два дні і прайшоў пад знакам скандалу вакол зьбіцьця саветамі амэрыканскага выведвальнага самалёту U-2. У сваім мэмарандуме Рада БНР акцэнтавала на факце збройнай акупацыі Беларусі з боку Савецкай Расеі, а таксама пратэставала супраць савецкай дапамогі разьвіваючымся краінам за кошт Беларусі. Мэмарандум Лігі вызваленьня народаў СССР папярэджваў супраць замірэньня з СССР ва ўмовах акупацыі і парушэньня правоў народаў, паняволеных савецкай Расеяй.