«Першы тэст і КТ зрабілі празь месяц пасьля пачатку хваробы»

50-гадовая жанчына 7 тыдняў хварэла на дзіўную «пнэўманію». Сем тыдняў у трох шпіталях. Чатыры адмоўныя тэсты на каранавірус. Дыягназ — СOVID-асацыятыўная полісэгмэнтарная двухбаковая пнэўманія — пацьвердзіла толькі КТ. 50-гадовая Вольга расказала «Радыё Свабода», як трэці месяц змагаецца з каранавірусам і ўскладненьнямі пасьля хваробы. «Лячэньне ў шпіталі МУС успамінаю, як страшны сон»Захварэла Вольга пры канцы лютага. Спачатку зьявіўся герпес, потым пачалося моцнае пяршэньне ў горле. Адчула цяжкасьць у лёгкіх. «Стан быў вельмі непрыемны. Я ж не адзін раз раней хварэла на пнэўманію і добра ведала, як разьвіваецца хвароба. Да таго ж я астматык. Але бянтэжыла тое, што тэмпэратуры не было. 1 сакавіка я пачала задыхацца, але гэта была не астматычная задышка, мне рэальна не хапала паветра», — узгадвае пачатак хваробы Вольга. Выклікала хуткую, прыехалі маладыя хлопцы-інтэрны. Жанчына не хацела нікуды ехаць, бо ў яе маці 4-я стадыя раку. Але яе павезьлі ў шпіталь МУС. Зрабілі здымак — рэнтген паказаў двухбаковую пнэўманію.