У Старых Дарогах памёр 58-гадовы работнік вайсковай часткi з каранавірусам

Хавалі яго ў закрытай труне. У нядзелю, 17 мая, памёр 58-гадовы Мікалай Сітчук са Старых Дарог. Сітчук — былы вайсковец, ветэран Афганістана, дзе быў прапаршчыкам і начальнікам узвода матэрыяльнага забяспечання, пiша nn. by. Апошнім часам мужчына працаваў у мясцовай вайсковай часці (8 полк радыяцыённай, бія- і хімабароны). Быў начальнікам караула. «Мяркуюць, што хваробу ён прынёс з працы. Там, кажуць, хтосьці захварэў, пасля Мікалая адправілі на хатнюю самаізаляцыю. Але ў яго пачалася пнеўманія, паклалі ў бальніцу, там выявілі каранавірус, — распавёў Міхаіл Няхай, старшыня мясцовага саюза ветэранаў Афганістана. Увечары ў нядзелю 17 мая Мікалай памёр у Слуцкай бальніцы — кажуць, рэзка стала кепска — і ўсё. Учора мы хавалі яго ў закрытай труне». Сітчук меў хранічныя праблемы са здароўем, але знаёмыя кажуць, што ў даведцы аб смерці пазначаны таксама «кавід-19». Жонка Мікала знаходзіцца ў копыльскай бальніцы з пнеўманіяй. Яна працавала ў старадарожскім інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.