Журналіст Алесь Асіпцоў выйшаў на волю

Усе 10 сутак ён трымаў галадоўку. 19 траўня з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю пазаштатны карэспандэнт агенцтва БелаПАН Алесь Асіпцоў, паведамляе «Радыё Свабода». Суд пакараў журналіста арыштам за тое, што 5 траўня ён асьвятляў сустрэчу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Алеся Асіпцова, як і іншых журналістаў, затрымалі 9 траўня — у гэты дзень у Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. У магілёўскім ізалятары Алесь Асіпцоў трымаў галадоўку, якую пачаў 9 траўня. На волі яго сустракалі мясцовыя актывісты, праваабаронцы, журналісты, дачка Яніна. Першыя пытаньні былі пра яго самаадчуваньне. «Самаадчуваньне нармальнае, толькі задышка, хочацца выпіць гарачай гарбаты. На дзіва, есьці абсалютна ня хочацца. Яшчэ крыху „штарміць“, але мой арганізм дужы, натрэніраваны, таму з гэтым 10-дзённым маратонам я справіўся больш-менш нармальна». Алесь кажа, што падчас галадаваньня ўжываў толькі ваду.