![]()
Як беларуска правяла тыдзень у шпіталі для хворых на каранавірус. Праз тыдзень, праведзены ў шпіталі для хворых на COVID-19, мяне выпісалі на «кантраляванае амбуляторнае лячэньне». У дакумэнце, які я падпісала, указана, што я абавязваюся прымаць усе прапісаныя лекі — і гэта сьмешна, бо пры выпісцы я не атрымала ўвогуле ніякіх рэкамэндацый, піша Наста Захарэвіч для «Радыё Свабода»Загадчык аддзяленьня сказаў, што патэлефануюць з паліклінікі і ўсё патлумачаць. Так што я чакаю званка і гуглю, што значаць вынікі маіх апошніх аналізаў, бо гэтага мне таксама ніхто не расказаў. Зь лякарні мяне прывезьлі на машыне хуткай дапамогі. Траіх чалавек саджаюць у адну машыну і развозяць па хатах, бо ні ў таксі, ні тым больш у грамадзкі транспарт нам нельга — мы яшчэ можам быць заразнымі. Гэта быў прыемны сюрпрыз, бо я вельмі не хацела запэцкаць некаму задняе сядзеньне і багажнік і, магчыма, заразіць таксіста. І, што ўжо хаваць, баялася патэнцыйнай рэакцыі на словы «у мяне каранавірус, вам бы лепш цяпер тут усё памыць».