![]()
Беларусы-ліцьвіны мелі багатую і разнастайную літаратуру. Пісьменнікі стваралі тады на некалькіх мовах: на агульнаеўрапейскай мове культуры і навукі — лаціне, на стараславянскай, якой карысталася праваслаўная царква. Але найбольш чытачоў мелі творы, напісаныя на дзяржаўнай беларускай мове, што была зразумелая кожнаму жыхару Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у выніку Люблінскай вуніі Княства з Польскім каралеўствам узмацніўся ўплыў польскай мовы. Урэшце яна стала дзяржаўнай моваю ўсёй Рэчы Паспалітай. Калі Беларусь-Літва патрапіла ў царскую імперыю, на змену польскай мове прыйшла расейская. Пасля паўстання 1863 года каланізатары забаранілі ўсялякі друк на беларускай мове. Яны не забылі, як гуртавала змагароў беларуская «Мужыцкая праўда». У тых умовах большасць пісьменнікаў краю мусіла пісаць і друкавацца па-польску. Між тым сярод майстроў прыгожага пісьменства мацнела думка, што дзеля будучай незалежнасці роднай зямлі трэба вяртацца да сваіх вытокаў і ствараць для народа на ягонай мове.