![]()
Беларускі рэжысэр распавёў, як пандэмія зьмяніла ягоная жыцьцё. Беларускі рэжысэр, сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік міжнароднай тэатральнай кампаніі HUNCHtheatre ў Лёндане Уладзімер Шчэрбань расказвае «Радыё Свабода», як пандэмія зьмяніла ягонае жыцьцё, што ён думае пра каранавірус у Беларусі і як будуць адзначацца другія ўгодкі заснаванага ім супольна з брытанскім акторам Олівэрам Бэнэтам тэатру. — У нядзелю, 17 траўня спаўняецца два гады вашаму новаму тэатральнаму праекту HUNCH Theatre у Лёндане. У гэты дзень вы зьбіраецеся паказаць адразу два спэктаклі. Што гэта будзе?— Спэктаклі, якія мы пакажам 17 траўня, гэта не жывыя прадстаўленьні, гэта спэктаклі ў запісе. Такое ня вельмі вітаецца, і гэта незвычайная практыка. Так паказваць спэктаклі стараюцца, калі іх ужо адыгралі, павазілі па сьвеце. Але паколькі цяпер пандэмія і ўсе мы існуем у анлайн-рэжыме, да таго ж і дзень народзінаў, таму мы вырашылі на кароткі пэрыяд адкрыцца і паказаць гэтыя спэктаклі. Гэта будуць два анлайн-паказы.