Ян Павел ІІ: Папа, які быў са сваім народам на шляху да свабоды

Артыкул пасла Польшчы Артура Міхальскага. 18 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Папы Яна Паўла ІІ. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі даслаў у «Нашу Ніву» з гэтай нагоды свой артыкул. Ён пісаў яго не як дыпламат, а як сведка і ўдзельнік тых гістарычных падзей, якія былі звязаныя з абранннем першага папы-славяніна:- Вечар 16 кастрычніка 1978 года быў вечарам здзіўлення і радасці. Тады не было мабільных тэлефонаў, інтэрнэту, сацыяльных сетак, і ўсё роўна не было, бадай, ніводнага чалавека ў Польшчы, да якога не дайшла ў гэты вечар ашаламляльная навіна — кардынал Караль Вайтыла, архіепіскап Кракаўскі, стаў папам рымскім. Гэта навіна перадавалася з вуснаў у вусны, у чэргах, у аўтобусах, у трамваях. Людзі хутчэй вярталіся дадому, каб уключыць тэлевізар. Гэта не было грамадскае тэлебачанне, гэта было дзяржаўнае, партыйнае тэлебачанне, якое дзесяцігоддзямі карміла грамадства догмамі сацыялізму, які называўся прагрэсам, якое свабодны свет, свет свабодных еўрапейскіх народаў паказвала як гнілы Захад, якое змагалася са светам хрысціянскіх каштоўнасцей, якое насуперак перакананням большасці грамадзян усхваляла свет без Бога, дзе панавала ідэалогія, навязаная палякам насуперак іх волі, супярэчная з іх традыцыямі і гісторыяй.