«Усё пачыналася як звычайная прастуда»: ад COVID-19 памёр 35-гадовы мінчук

Каранавірусам перахварэла ўся яго сям’я. 35-гадовы мінчук Аляксей Іваноў памёр яшчэ 19 красавіка, але сваякі паведамілі пра гэта прэсе толькі нядаўна. Яны кажуць, што хранічных захворванняў мужчына не меў. А прычынай смерці стала менавіта «карона». «Наша Ніва» звязалася з Аленай, удавой Аляксея. «Усё пачыналася як звычайная прастуда: у мужа балела горла, павысілася тэмпература… Пасля захварэла і я, і бацькі мужа (мы жывём разам). У выніку нас чацвярых шпіталізавалі — ва ўсіх была пнеўманія. Зрабілі тэсты на каранавірус — ва ўсіх станоўчыя, — распавяла жанчына. — Дзе мы маглі заразіцца, не ведаю. Меры бяспекі выконвалі заўсёды, калі на вуліцу, то толькі ў масках і пальчатках. Муж працаваў з дома, таксама нікуды не хадзіў». У бальніцы Аляксею трохі палепшала, але пасля рэзка стала горш. Праз 10 дзён пасля шпіталізацыі ён памёр. «У пасведчанні аб смерці так і напісалі — «COVID-19», — кажа Алена. — Бо муж быў абсалютна здаровы, ніякіх хранічных захворванняў не меў». Сама Алена і бацькі Аляксея паціху паправіліся.