Партыя БНФ: Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі – падвойнае злачынства

Заява Сойму Партыі БНФ. 10 траўня Сойм Партыі БНФ у фармаце анлайн-пасяджэньня абмеркаваў палітычную сытуацыю у Беларусі, што склалася ва ўмовах прызначэньня выбараў падчас пандэміі COVID-19. Па выніках абмеркаваньня кіруючы орган партыі прыняў з гэтай нагоды палітычную заяву (поўны тэкст прыкладаецца):На 9 жніўня бягучага года прызначаныя выбары прэзыдэнта Беларусі. Улады праігнаравалі рэкамендацыі па зьмяненьні выбарчага заканадаўства, што былі прапанаваныя міжнароднымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЭ і айчыннымі кампаніямі назіраньня. Але да гэтых выбараў дадаўся яшчэ адзін фактар небясьпекі для беларускага народу, а менавіта – правядзеньне кампаніі падчас пандэміі COVID-19. Партыя БНФ з абурэньнем канстатуе, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не здзейсьніла прапанаваных БНФ ды грамадзянскай супольнасьцьцю захадаў дзеля прадухіленьня пашырэньня каранавірусу ды належнага інфармаваньня грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў, не ажыцьцявіла неабходнай падтрымкі беларускага бізнэсу ды хатніх гаспадарак, а з боку вышйэшага кіраўніцтва краіны былі зробленыя заявы пра адмаўленне небяспекі пандэміі і заклікі да шкодных для здароўя насельніцтва паводзінаў насуперак рэкамэндацыям медыкаў.