![]()
Як віцебскі арт-паб «Торвальд» дапамагае трымацца мэдыкам. 11 траўня споўніцца месяц, як каманда арт-пабу «Торвальд» пачала гатаваць ежу для лекараў з чатырох мэдычных установаў Віцебску. Агулам у валянтэрскай працы задзейнічаныя дзевяць супрацоўнікаў калектыву. Часам перавозіць прыгатаваныя абеды і вячэры дапамагаюць віцебскія таксісты, піша vitebskspring. org. Гаспадар «Торвальду» Віталь Броўка кажа, што ідэя ўзьнікла адразу, як толькі стала відавочна, што горад сутыкнуўся з хуткім ростам каронавірусных захворваньняў, а лекары былі пераведзеныя ў надзвычайны рэжым працы. «Лекары працуюць па 12 гадзінаў, без выходных і без магчымасьці задаволіць банальныя жыцьцёвыя патрэбы. Таму мы з калегамі з бізнэс-супольнасьці «Мы разам» падумалі, што было б файна бясплатна карміць урачоў абедамі. Спачатку гэта былі 38 порцый для інфэкцыйнай больніцы, але літаральна за пару дзён іх колькасьць вырасла. Мы пачалі адвозіць абеды і вячэры ў наваствораны шпіталь на 100 ложкаў пры абласной лякарні, у тэставую лябараторыю «Сівітал» і аддзяленьне кампутарнай тамаграфіі дыягнастычнага цэнтру», – расказвае Віталь Броўка.