![]()
З вакна маёй палаты было відаць фаервэрк з нагоды 9 траўня. У мяне так доўга падазравалі каранавірус, што нарэшце я ім заразілася. Пэўна, што ў лякарні, якая нібыта лічылася вольнай ад COVID-19. Упэўненая, што заразілася ад суседкі ў палаце, якую перавялі да нас з рэанімацыі. У яе была тэмпэратура, але гэта тлумачылі іншымі праблемамі са здароўем. Мазок на каранавірус узялі на ўсялякі выпадак, але праз два дні прыйшоў станоўчы вынік. Я была з той жанчынай у шчыльным кантакце — паіла яе, карміла, давала лекі і дапамагала ўставаць з ложка. На пяты дзень пасьля пачатку кантакту мне рэзка стала кепска — моцна закружылася галава, зьявілася страшэнная слабасьць. Ціск быў у норме, тэмпэратура — 37,5. Дзяжурная доктарка на гэта сказала «Заляжаліся вы ў нас, трэба проста вяртацца дадому». А шостай раніцы на тэрмомэтры былі тыя ж лічбы — 37,5, але мне стала відавочна горш. Адчуваньні, як пры цяжкім грыпе, — моцна ломіць усё цела, ногі «ватныя» настолькі, што пры хадзе не адрываюцца ад зямлі, думкі заблытаныя.