Успышка каранавіруса пад Брэстам, супастаўная з віцебскімі

Каранавiрус выяўлены ў вялiкай вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна. У вёсцы Страдзічы Брэсцкага раёна адбылася ўспышка каранавіруса. Яе зыходным пунктам стала вяселле баптыстаў у канцы красавіка. Сярод хворых — кіроўца школьнага аўтобуса з жонкай і адна з настаўніц. Справу ўскладняе адмаўленне праблемы з боку часткі жыхароў, у тым ліку і вернікаў. «29 красавіка было вялікае вяселле ў Брэсце. Пасля яго і пахварэлі. Пару дзён маўчалі, але пасля пачалі дактароў выклікаць. Пазаўчора за адну ноч ў бальніцу забралі каля 40 чалавек. Учора яшчэ чалавекі тры, сёння адну жанчыну таксама, — распавяла «Нашай Ніве» мясцовая жанчына. — Вернікі не асабліва хочуць ехаць у бальніцу, ігнаруюць меры бяспекі. Мясцовага мужыка Косцю Т. забралі ў капсуле дактары. Дык толькі хуткая ад’ехала, як яго жонка прыбегла на наш мясцовы рыначак — агуркі прадаваць. Пасля ўбачыла санстанцыю і хуценька сышла. Баптыстам закрылі дом малітвы, але іх гэта не спыняе. Цяпер у іх вяселлі ідуць кожныя выходныя, там усё роўна збіраюцца па 400—500 чалавек, з’язджаюцца з усёй акругі.