![]()
Вялікае інтэрвію з Артурам Міхальскім пра змаганьне з каранавірусам у Польшчы і Беларусі, парад у Менску і іншае. Вялікае інтэрвію «Радыё Свабода» з польскім амбасадарам у Менску Артурам Міхальскім пра змаганьне з каранавірусам у Польшчы і Беларусі, працу дыпляматаў ва ўмовах карантыну, парад у Менску 9 траўня, пра візы і паездкі грамадзян паміж краінамі ва ўмовах пандэміі. Інтэрвію зробленае дыстанцыйна, з улікам рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Пра барацьбу з каранавірусам у Польшчы— Спадар амбасадар, найперш раскажыце, як наагул Польшча змагаецца з каранавірусам? Ці можна сказаць, што пасьпяхова?— Польшчу крыху пазьней, чым некаторыя іншыя краіны з нашай эўрапейскай супольнасьці, закранула пандэмія каранавірусу. Мы бачылі, наколькі гэта важны выклік, на прыкладзе таго, як змагаліся італьянцы, гішпанцы ды іншыя. Гэта дазволіла нам прааналізаваць гэты досьвед і дастаткова хутка прыняць радыкальныя меры, як, напрыклад, увядзеньне карантыну, пераход на дыстанцыйную працу там, дзе гэта магчыма; увядзеньне шэрагу вельмі адчувальных, але неабходных абмежаваньняў, якія датычыліся, перш за ўсё, забароны зьбірацца ў публічных месцах, крамах, транспарце, касьцёлах і гэтак далей.